ЧА́ВУСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 16.9.1959). Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 24,1 тыс. чал. (2003), гарадскога 46,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Чавусы. Раён уключае 168 сельскіх нас. пунктаў, 10 сельсаветаў: Антонаўскі, Благавіцкі, Вайнілаўскі, Ваўкавіцкі, Гарбавіцкі, Дужаўскі, Жаліўскі, Прудкоўскі, Пуцькаўскі, Цемравіцкі. Большая ч. тэр. раёна забруджана радыенуклідамі (1—5 Ku/км², месцамі да 15 Ku/км²).

Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая з комплексам западзінных мікраформ. Пераважаюць выш. 150—190 м (87%). Найвыш. пункт 203 м (на ПдУ ад в. Новааляксандраўка). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7,7 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. р. Проня з прытокамі Бася і Раста (з Рудзеяй, Беліцай і Плясной). Вадасховішча на р. Рудзея. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (63,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,4%), тарфяна-балотныя (11,7%) і інш. Пад лесам 31,5% тэр. Найб. лясныя масівы на Пн (у міжрэччы Басі і Проні) і У (левабярэжжа Проні). У складзе лясоў хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, чорна- і шэраальховыя. Штучныя лесанасаджэнні каля 4%, пераважна хвойныя. Пад балотамі 2,2% тэр. У межах раёна біял. заказнік мясц. значэння (бабры) каля в. Брады; ахоўныя тарфянікі Азярышча, Барадзілаўскае-Крамянец, Бярозавае, Каралеўшчына, Рабяткі. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Чавусы, валуны каля в. Брады і Новааляксандраўка, участак лесу «Ялова» ў Мокрадскім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 88,2 тыс. га, з іх асушаных 11,8 тыс. га. На 1.1.2003 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, зернебабовых, рапсу, лёну, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла), харч. (масла, сыры, цэльнамалочныя прадукты, сушаная агародніна), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно, траста), кааператыўнай. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Магілёў—Чавусы—Крычаў, аўтадарогі: Магілёў—Слаўгарад, Магілёў—Чавусы—Мсціслаў, Магілёў—Чавусы—Чэрыкаў. У раёне 16 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пачатковыя школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, дзіцячая спарт. школа, раённы Дом культуры, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 26 фельч.-ак. пунктаў. Санаторыі «Зара», «Раста». Раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Благавічы. Выдаецца газ. «Іскра».

Г.​С.​Смалякоў, П.​М.​Сырадоеў.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)